Пятница, 29.03.2024, 09:23
Приветствую Вас Гость | RSS

Філолагі вітаюць!                                                                                                                                                                                            Вэбфоліа метадычнага аб'яднання філолагаў УА "Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л. С. Выгоцкага"

Матэрыялы па прадметах

Галоўная » Файлы » Беларуская мова і літаратура » Пятроўская Т. М.

Літаратура 1 курс
[ Скачать с сервера (46.4 Kb) ] 24.05.2016, 23:54

Лёшкава каханне, або Віртуальнае дрэва рэальнасці-1,2 

"Полымя", №5, 2008 год

Тлумачэнні для бацькоў, настаўнікаў ды іншых дарослых

Браузер – праграма для прагляду Інтэрнэт-рэсурсаў.

Форум – рэсурс у Інтэрнэце (сайт, частка сайту), дзе адбываецца абмен думкамі, адкрыты для ўсіх карыстальнікаў.

Адмін – адміністратар, кіраўнік сайта, форума.

Нік – прыдуманае імя на форуме

Аватар – невялікі малюнак побач з нікам юзера, або фотакартка яго.

Зарэгістравацца на форуме (рэгіцца, рэгіць) – выбраць сабе нік і задаць пароль для уваходу, каб усе адказы юзера пазначаліся гэтым нікам.

Аўтарызавацца – зайсці на форум, увёўшы нік і пароль. 

Лазіць па форуму – праглядваць тэмы.

Пост – адзін адказ, пасціць – адказваць, пасціць тэму – пачынаць тэму для абмеркавання. 

Топік – усе разам адказы на адну тэму, сама тэма.

Топікстартар – той, хто пачынае топік, тэму.

Флудзіць – пасціць не па тэме, несці лухту; вольная размова на вольную тэму.

Курылка – асобны раздел на спецыялізаваных форумах, дзе можна флудзіць.

Асабістая пошта, асобка – функцыя на форуме для абмену кароткімі тэкстамі з адным наведвальнікам.

Юзар – наведвальнік, карыстальнік, юзаць – карыстацца.

Яндэкс – пошукавая сістэма.

Дэлфі, С++ – мовы праграміравання.

Скрыпт – праграма ў формулах і кодах.

Кантэнт – тэксты на сайце.

Дыз – дызайн, знешні выгляд старонкі ў Інтэрнэце.

Смайлы – невялічкія фігуркі (ці сімвалы) ў тэксце для выказвання сваіх эмоцый. :) і :( – усмешка і незадаволенасць, ;) – падміргванне.

Аська – праграма для дыялогу дваіх, закрытага ад усіх астатніх.

Стукаць у аську – запрашаць да размовы.

Вінт, дыск, вінчэсцер, флэшка – носьбіты інфармацыі ў кампь’ютары.

Аператыўка – аператыўная памяць кампь’тара.

Комп – камп’ютар.

Інет, Сетка – Інтэрнэт.

Дыялап – мадэмнае злучэнне.

Бай-флай – хуткаснае злучэнне з Інтрэнетам.

Трабл – нейкая непрыемнасць.

Фішка – нечаканы ход, знаходка, нешта цэнтральнае, прыемнае, дадатнае.

Глючыць – дрэнна працаваць, глюкнуць – сапсавацца.

Павесціся – паверыць падману.

ВМЗ – электронныя грошы, у дадзеным выпадку долары ЗША.

Кашалёк – віртуальны кашалёк у сістэме электронных грошай.

Кіпер – праграма для атрымання і пераводу электронных грошай.

Мэйл – электронная пошта, сам адрас.

Спам – нежаданыя пісьмы рэкламнага характару.

Паштавік – праграма для атрымання і адпраўкі электроннай пошты.

Профіль – даныя аб юзеры, уводзяцца ім самім.

Трафік – пэўны аб’ём атрыманай-пераданай інфармацыі. Паліць трафік – атрымліваць непатрэбную інфармацыю.

Заўвага: калі што дарослым застанецца незразумелым, варта папытаць аб тым у дзяцей.
1

– Ты можаш мяне пакінуць у спакоі хоць на гадзіну? – Лёшка не адвёў позірк ад манітора ў бок маці, якая прыпынілася ля яго, сказаў спакойна, але з нейкім металічным прысмакам, якога маці раней не чула. І таму яна ўтрапёна глядзела на сына, ніяк не чакаючы такога тону.

– Ну, чаго ты маўчыш? – працягнуў Лёшка, рэзка крутнуўся разам са стулам.

Гэты стул, як і новы сапраўдны камп’ютарны стол, зроблены майстрамі па чарцяжах самога Лёшкі, з’явіліся ў яго пакоі толькі месяц таму, якраз перад пачаткам заняткаў. Лёшка на гэта зарабіў сам – напісаў некалькі праграм па заказах, некалькі адладзіў.

– Што гэта ты так размаўляеш? – нясмела пачала маці. Куды цішэй спытала, чым толькі што прагучаўшае: “Колькі ты будзеш сядзець за сваім камп’ютарам?!”

– А як мне з вамі размаўляць? – напорыста загаварыў Лёшка. – Ну, скажы – як? Я сяджу дома, у цябе перад вачыма, я не лажу ў Інтэрнэце ў пошуках парнаграфіі, ніколі не хаваю ад цябе і ад бацькі манітора. Вы можаце бачыць і не адзін раз бачылі, чым я займаюся. Я працую! Я зарабляю грошы, якіх нам вечна не хапае. Дык чаго ты не даеш мне спакойна гэта рабіць?! – закончыў ён ужо з ноткамі істэрычнасці.

– А Божачка, сыночак, што ты крычыш, – напужалася відавочна маці. – Я ж думаю, што вунь як на вуліцы цёпла, сябры твае гуляюць, то пайшоў бы з імі…

– А я не хачу! – ужо закрычаў уголас Лёшка. – Не хачу бадзяцца па вуліцах! Я хачу сядзець тут! Што ў гэтым дрэннага, скажы?

– Ды нічога, нічога дрэннага, – адступіла на крок назад маці. – Працуй, я ж думала, мо б пагуляў, а то адзін ды адзін…

– Мне хапае сустрэч у школе, мяне дасталі дурныя размовы ў класе, – Лёшка крутнуўся назад, да кам’ютара. – Не перашкаджай, калі ласка, – папрасіў ціха, супакоіўшыся. – Мне трэба скласці праграму для тэсціравання…

– Працуй, працуй, не буду, – маці паспяшалася да дзвярэй. – Толькі не трэба так нервавацца. Зусім ты стаў… не крануць цябе.

Маці пайшла, ціхенька прычыніла дзверы.

Лёшка ў дзесяты раз пераглядваў напісаныя радкі, але памылкі не знаходзіў. Ён увогуле раптам згубіў здольнасць разумець ім самім напісанае. Маці вінаватая, перапыніла? Не… Дарэмна ён на маці… 

Лёшка спрабаваў запусціць скрыпт, але успыхвала памылка. Ён бяздумна ціскаў і ціскаў кнопку мышы. Ні халеры не паспее… За месяц трэба напісаць праграму. Так добра, здаецца ведае Дэлфі, а на табе, спатыкнуўся на такім простым дрэве.

Здаўся – набраў злучэнне з Інтэрнэтам, потым зайшоў на форум.

Тут, на гэтым форуме праграмістаў, Лёшка адно і адчуваў сябе вольна і спакойна. Яшчэ як толькі пачаў займацца праграміраваннем, адшукаў гэты рэсурс. Добрая ў іх тут кампанія. Адны хлопцы, ніякіх лішніх размоў. Толькі па справе. А флудзіць хочацца – калі ласка, курылка ёсць. Заходзь, і пішы аб чым хочаш. 

Лёшка ў курылку рэдка заглядвае, хіба як тэма цікавая з’явіцца. А па вясне дык і не заходзіў – што ні тэма, то пра дзяўчат.

Лёшка стварыў тэму ў асноўным раздзеле “Не атрымліваецца дрэва. Дзе я напартачыў?”, выклаў у топіку код. Статыстыка паказвала, што на форуме былі Вожык, Лексус, Рапід – добрая сябры. Ім Лёшка, які на форуме пад нікам Тайлер, не раз дапамагаў, яму дапамагалі, разам яны і іншым навічкам паказвалі на памылкі, ці спрачаліся з–за чаго ў курылцы.

Адгукнуліся адразу.

Лексус: – Што гэта ты такую лухту сёння пішаш? У цябе ж не тое што дрэва, куста не атрымаецца!

Дрэва – гэта так завецца малюнак, на якім на лінію нанізаны папкі, кожная з якіх па шчаўчку мышы адкрываецца і паказвае, што ў ёй хаваецца. Як сапраўднае дрэва: ад ствала некалькі галін, ад кожнай вялікай галіны – яшчэ галіны, ад тых – галінкі, а на іх – лісточкі.

Тайлер: – А што тут у мяне?

Лексус: – Сінтаксіс не правераны. Радок вываду прапушчаны…Гэта ты сам пісаў?

Тайлер: – Сам.

Лексус: – Не паверыў бы ніколі. Добра, трымаў, паправіў.

Пасля слоў Лексуса ішоў знаёмы код з асобнымі знакамі іншага колеру – Лексус і памылкі паказаў.

Вожык адгукнуўся.

Вожык: – Я ведаю, у чым трабл. Тайлер закахаўся.

Лексус: – Ні халеры. У Дэлфі няма такой функцыі.

Вожык: – Функцыі няма, а каханне ёсць. Тайлер, выкладзі фота новай функцыі, памазгуем, падбярэм код.

Лексус: – Баюся, вінта не хопіць на код.

Тайлер: – Пайшлі вон. Тэма закрыта. Мне, ў адрозненне ад вас, не сперма на мазгі давіць, а тэрмін здачы прогі.

– Лексус: –Ну–ну, пабачу праз месяц. Восень, лісточкі падаюць пад ногі… рамантыка…

Вожык: – Лісточкі падаюць пад ногі ссохлымі марамі і звялымі надзеямі аб шчаслівым каханні…

Тайлер: – Вожык, збірай гэтыя лісточкі сабе на калючкі і пайшоў у спячку. Табе пара. Усё, дзякуй, я працую.

...Але правераны код (цяпер дакладна будзе спраўны) нешта не абудзіў жадання працаваць над праграмай далей. Лёшка зазірнуў у курылку – новая тэма: “Як сказаць дзяўчыне, што яна мне нецікавая?”

“Цьфу, дурні”, – ўсміхнуўся сам сабе Лёшка. У яго дакладна такіх праблемаў не будзе. Бо і дзяўчыны няма. Ды і ці будзе. За 10 гадоў у школе ні з кім і не гуляў ніколі. Чаму? Ды не хацелася. 

Не, не трэба брахаць самому сабе. Было, было ў пятым класе, калі успыхнула нейкае такое незразумелае пачуццё, такое ўсёабдымнае, што і цяпер помніцца. Цэлы тыдзень хадзіў тады Лёшка ачмурэлы. І выпрасіў быў у маці грошы на дарагі падарунак. І прыйшоў да Яе на дзень нараджэння.

Там палова класа была. І яшчэ многа незнаёмых.

А Лёшка ішоў да гэтага дома пешкі. Вось захацелася яму так: не прывезці, а прынесці ёй гэты падарунак. Што там было ў тым пакунку? Ды якая розніца. Не трэба было ісці пехатой. Больш за паўтары гадзіны ішоў Лёшка. А дзень быў спякотны, паліла сонца.

Толькі ў той момант, калі ён нахіліўся ў пярэдняй, каб развязаць шнуркі на красоўках, у Лёшкі мільганула думка, што так і не памыў свае красоўкі унутры перад гэтым візітам – а значыць, новыя яго шкарпэткі будуць пасля такога маршу па горадзе пахнуць далёка не прыемна. Калі б ён ведаў…

Калі б ён ведаў, што скажа Яна, чакаючы яго ў пярэдняй разам з яшчэ некалькімі дзяўчынкамі, якім ужо карцела хутчэй зазірнуць у прынесеную Лёшкам каробку...

Лёшку б мо адвярнуцца трэба было ў кут, калі красоўкі здымаў, а так Яна прама перад ім стаяла.

– А вой, які ты смярдзючы! – здзіўлена выгукнула Яна, і ажно пальчыкамі нос заціснула. – З такімі шкарпэткамі за стол не пушчу!

Ці сур’ёзна яна казала, ці жартавала, але…

Першы раз за сваё жыццё Лёшка паспытаў такі сорам. Страшны і чорны, які літаральна раздушыў яго, і Лёшкі не стала, толькі гэтыя праклятыя красоўкі і смярдзючыя шкарпэткі.

Лёшка і сам не зразумеў, як у адно імгненне, не разгінаючыся, ён нацягнуў красоўкі на ногі і кінуўся з кватэры. І пачуў ззаду смех.

Ён неяк выжыў гэты месяц: месяц здзеклівых рэплікаў, двухсэнсоўных поглядаў, смешачак за спінай. Вядома, тое светлае пачуццё знікла. Замест яго быў сорам. І ён цягнуўся і цягнуўся за Лёшкам як той каметны хвост: ядром быў той дзень нараджэння, а хвастом – яго сорам. З гадамі, чым далей ад ядра, хвост радзеў, ды ніяк не знікаў.

І Лёшка быў упэўнены, што з аднакласнікаў ніхто не забыў нічога, што і цяпер да яго прынюхваюцца, хоць Лёшка душ прымае штодзень, штодзень мяняе бялізну, а пра шкарпэткі і казаць няма чаго. Дэзадаранты і добрая парфума ў яго з восьмага класа.

Лёшка цяпер добра ведае, наколькі важна для атачэння твайго, чым ты пахнеш…

Трэнькнуў уваходны званок. Маці пайшла адчыняць, пачуўся знаёмы голас – Юрыс прыпёрся. Зноў будзе цягнуць куды вечарам бадзяцца. Падабаецца яму выглядаць дасціпным, калі побач такі маўчун, як Лёшка.

– Здароў! – Юрыс уваліўся ў пакой, схапіў стул, падсунуўся бліжэй да Лёшкі. – Ну, што, атрымліваецца прога? Слухай, забі туды якую фішку, каб адказаў на пытанні, ціснуў – і адказы ўсе правільныя. Можна?

– А табе пароль адміна не даць?

– Дай! 

– Захацеў… Пароль адміна задаецца ім самім, і можа мяняцца. 

– Што, хочаш сказаць, нельга нейкі такі пароль прыдумаць, што над усімі адмінамі будзе адмінам?

–Можна. 

– Дык зрабі!

– Пайшоў ты к чорту, нічога я рабіць не буду. Не бачу сэнсу. Мая задача – зрабіць прогу.

– От, дурань ты, Лёшка, і вушы ў цябе халодныя! Цябе б увесь клас на руках насіў.

– Не трэба мяне насіць, я сам хаджу, – адказаў Лёшка ўжо сур’ёзна.

– Ну, хадзі сабе, – працягнуў Юрыс, адразу пераключыўся на іншае. – У цябе Інет падрублены цяпер?

– Ага, я сабе Бай–флай падключыў. 

– Крута! І бацькі грошы далі?

– Сам зарабляю.

– Добра табе. А я во ні халеры не ўмею. А дай палазіць? А то з маім дыялапам…

– Куды ты хочаш?

– Давай наш гарадскі форум.

Лёшка пераключыўся на Оперу. Юрыс глянуў на адкрыты форум праграмістаў, выдаў тут жа:

— Цю, які шэры…

— А тут для справы людзі збіраюцца. Нам дыз з кветачкамі не трэба. І трафіку менш паліцца.

— Ты тут тусуешся?

— Мы тут працуем. Дапамагаем адно аднаму. Грошы зарабляем…

Юрыс ведаў, як можа зарабляць Лёшка ў Інтэрнэце, і за гэта Лёшку шчыра паважаў: “Я б ніколі не змог з тваімі формуламі капейку зарабіць”. Ды Лёшка і не скнара – колькі разоў кідаў Юрысу колькі рублёў на мабільнік.

– А твой нік які? – спытаў Юрыс.

– Тайлер.

– А што гэта значыць?

– Ну, не ведаю. Так, прыдумаў…

– Добра, набірай адрас, дай я тут у пары тэмаў запашчуся…

На гарадскім форуме Лёшка быў не раз, але нават і не рэгістраваўся. Яму не цікава: адны і тыя ж тэмы, ўсё пра каханне, ды пра адносіны. Фільмы розныя, музыка…

– О, зараз я яму выдам! – Юрыс адшукаў патрэбную тэму на форуме, стаў набіраць адказ. – Уяўляеш, улез адзін тып у нашу тэму хіп–хопу, хоча нешта даказаць… Не цяміць нічога, а туды ж… А ты чаму не заходзіш, Лёшка? Тут палова класа іншы раз па вечарах тусуецца. Цікава бывае…

– Мне не асабліва цікава, – адгукнуўся Лёшка. – Ды і справу рабіць трэба.

– І сёння сядзець будзеш? Слухай, кінь тры рублі на мабільнік, аддам, як разбагацею. Маці зарплату пакуль не далі, а я на СМС–кі раскідаў.

– Кіну, давай зараз…

Лёшка забраў мышку ў Юрыса, хутка зайшоў на патрэбны сайт.

–Усё.

– О, дзякуй, – шчыра адказаў Юрыс. – Значыць, я цябе нікуды не выцягну сёння?

– Не, не выцягнеш.

– Шкада. Ну, працуй… Слухай, а колькі табе за прогу заплацяць? Калі не сакрэт?

– Не ведаю. То ж для школы. Якія ў нас грошы. Колькі заплацяць. А мне і практыка.

– Ну, я пабег. Бывай…

Юрыс пайшоў. Лёшка прыняўся за работу. Баламут Юрыс, але што ён шчыра да Лёшкі адносіцца – то праўда. І яшчэ як свеціцца ён энергіяй, з табой пабудзе – нешта рабіць хочацца. Вось і цяпер, настрой самы рабочы. І лёгка пайшло ўсё, атрымалася патрэбнае дрэва. І яшчэ паспеў базу распісаць, адладзіў увод–вывад.

Маці паклікала вячэраць. Калі перахапіў трохі паесці, вярнуўся да камп’ютара, адчуў, што стаміўся. Зайшоў на свой форум – нікога з сяброў не было. І пайшоў на гарадскі форум.

Зірнуў на апошнія тэмы, адна прывабіла ўвагу: “Колькі грошай сёння ў вас у кішэні”. Пасміхаўся, чытаючы разважанні аб тым, што “бацькі шкадуюць грошы на мабільнік”, “выпрошваю ўсякі раз на дыскатэку”. Па аватарках-здымках пазнаў траіх са свайго класа – Віктар са сваім лірызмам, Юрка Хаванскі з філасафічнымі развагамі аб тым, што лішнія грошы псуюць маладую псіхіку. І Юрыс нядаўна адказваў, нават нік яго тут такі ж, як і завуць – Юрыс.

Нешта штурхнула (мо падсвядома ўспомнілася запрашэнне Юрыса) і Лёшка хутка прайшоў рэгістрацыю.

Тайлер: – Не разумею тых, хто тут плачацца. Ва ўзросце ад 16 можна элементарна зарабіць самому і не прыніжацца выпрошваннем.

Пачакаў, перагрузіў браўзер.

Юрка (нік – Філосаф): – О, новенькі прыйшоў і такія заяўкі. Ну, падзяліся…

Пума (невядомы нік) – Зараз цябе, Філосаф, адправяць мыць аўто ці ў Макдональдс.

–Філосаф: – Я не супраць мыцця аўто. І ў Макдональдзе працаваў летам. Але, здаецца, наш юны сябар нешта хацеў цікавейшае прапанаваць.

Пума: – Стрыптыз арганізаваць. У Сетцы.

Тайлер: – У Сетцы хапае і стрыптызу, і сексу, і парнаграфіі без усякіх кошак. Не атрымаецца.

–Філосаф: – А чаго не хапае?

Тайлер: – Разумных людзей.

Пума: – Тайлер, а ты такі разумны? То падкажы дурным кошкам…

Тайлер: – Я – разумны. І зарабляю сваім розумам.

Філосаф: – Тады навучы нас…

Тайлер: – Тут, бачу, толькі размовы, а не вучэнне. Хто шукае – шукае ў другіх месцах. Юзайце Яндэкс па тэме “выдаленая работа”. І ўсе справы.

Пума: – А воечкі, што тут робіць такі разумненькі сярод нас …

Цімоха: – Ціха! Тайлер завітаў сюды, каб ашчаслівіць нас!

Пума: – Ой, я – уся ўвага! Тайлер, не цягні. Зрабі мяне шчаслівай!

Філосаф: –Глядзі, Пума, не хопіць месца на дыску пад падоранае шчасце.

Лёшка адчуў, як псуецца настрой. Стала прыкра. Ён не чакаў нейкай асаблівай увагі да сябе, але чаму аўтары пастоў не прынялі яго словы як сурьёзныя? Псіхануў.

Тайлер: – Ат, яшчэ раз пераканаўся, што наш гарадскі форум – балота. Адно балбатаць умеюць. Шчасліва кіснуць!

Пераключыўся на другі сайт – на свой форум праграмістаў…

Гэта толькі здаецца, што віртуальныя зносіны – простыя і бяскрыўдныя. Маўляў, выключыў старонку – і ўсё прапала. Ага! Якая розніца, дзе адрэагавалі на твае словы і хто адрэагаваў? Галоўнае ж для цябе зусім іншае – як адрэагавалі. І ніколькі не ратуе тое, што цябе ніхто не ведае. Ты ж сам сябе ведаеш. Ты пісаў – ты атрымаў адказ. І менавіта гэта для цябе галоўнае. Зрэшты, і ў жыцці ж тое. Вунь пісьменнік напісаў кнігу, яе прачытаў чытач, выказаў сваё меркаванне. Ну і што, ёсць розніца для пісьменніка: ведае ён гэтага чытача асабіста ці не? 

Лёшка даўно ўпэўніўся, што так званыя віртуальныя адносіны – зусім не віртуальныя. Самыя рэальныя. Калі так да іх падыходзіць, з той віртуальнасцю, то і тэлефанаванні – віртуальныя. І пісьмы, што людзі раней пісалі – таксама віртуальныя. Людзі ж існуюць, людзі жывыя, і думкі ты агучваеш свае, і рэакцыя на гэтыя думкі застаецца на старонках форумаў…
2
Юрыс ўсеўся за свой камп’ютар пасля паўночы – так плаціць меней за Інтэрнэт, а то маці дае ўзбучку штомесяц: “Зноў амаль 25 тысяч за тэлефон! А Божачкі, дзе вам на ўсё набрацца!”

Вам – гэта яму, Юрысу, і бацьку. Бо бацька таксама іншы раз садзіцца за камп’ютар. Праўда, у яго другія прычыны: ён шукае змены ў настройках спадарожнікавых антэн. 

…Юрыс зайшоў на форум – і вачам не паверыў: сярод новых за-рэгістраваных значыўся Тайлер.

“А, Лёшка не ўтрымаўся!”

Юрыса аж азарт ахапіў: ну, што там Лёшка, сама сарамлівасць і ціхасць 11 класа напісала?

Знайшоў тэму, пачытаў. Ну, так і ёсць, гэта дакладна Лёшка. Былі сумненні наконт ніка, цяпер няма. Ды і аватара няма. Лёшка заўважыў, што і на сваім форуме Лёшка быў без аватара.

Пасябраваў Юрыс з Лёшкам два гады таму. Хутчэй і не пасябраваў – проста паважаць пачаў. Тады таўкліся на перапынку, Юрыс і таўхануў у коле хлопцаў Лёшку. Той спінай проста ўляцеў у вітрыну. Добра, што там не шкло было, а пластык. Вітрына паляцела, і пластык (вялізны, халера, 2 на метр) раскалоўся. Што б Юрысу было – ён і не ведае. Аднак тады Лёшка спакойна сказаў намесніку дырэктара, што ён сам вінаваты і гэтак жа спакойна спытаў, колькі трэба грошай.

І грошы назаўтра прынёс. Юрыс хоць палову, ды неяк сабраў, аддаў Лёшку. Спытаў:

– А ў цябе адкуль грошы? Маці дае?

– Я сам зарабляю. У Інтэрнэце.

І, мабыць, каб больш яго не распытвалі, дадаў:

– Праграмы складаю, на Дэлфі. Нехта сайты робіць, ды ці мала чаго каму трэба.

– А калі ты навучыўся?

– А што мне яшчэ рабіць? Купіў кніжку, зацікавіўся. 

Так, не дзіўна, што Лёшка тое праграміраванне асіліў. Заўсёды ўбаку ад класа, ціхі, непрыкметны. З дзяўчатамі – ніколі і нідзе. На дыскатэкі школьныя не хадзіў. І калі мусова было ісці, то ўбаку дзе і прастойваў увесь вечар.

– Ты чаго дзяўчат баішся? – спытаў неяк Юрыс. – Хлопец ты як быццам нармальны, адно, што ростам не надта выйшаў…

– Мне без іх добра, – адказаў тады Лёшка рэзкавата і замоўк, не стаў працягваць размову.

У мінулым годзе яны зблізіліся больш – Юрысу купілі кап’ютар, новы, то Лёшка іншы раз праседжваў у яго днямі. Бо яго камп’ютар, на які ён грошы збіраў год, быў слабы, аператыўка малая, працэсар хіба што ў Вордзе друкаваць, не больш.

Юрыс усюды імкнуўся пацягнуць за сабой Лёшку, іншы раз гэта і ўдавалася. Адчуваў Юрыс, што Лёшка і хацеў бы быць разам з усімі, але ці то саромеецца сам сябе, ці то смеласці яму не хапае, баіцца, што неяк не так зразумеюць яго словы ці дзеянні.

А так сябар ён быў добры – з такім і маўчаць можна. І Юрыс адчуваў свой нейкі абавязак перад Лёшкам. Нават маці аднаго разу заўважыла:

– Добры хлопец Лёшка. Падзяліць бы тваю кіпучасць на вас дваіх. А то ў цябе праз край, а ў сябра – няма. 

І вось цяпер, гледзячы на нік свайго сябра, у Юрыса проста часаліся рукі. Праз хвіліну ён ужо зарэгістраваўся на форуме пад другім нікам. Не доўга думаючы, назваўся Ксенкай. А што, цікавы нік. Не такі, як усе гэтыя Мэры, Сонейкі, Кветкі… Пакапаўся ў сваёй папцы некалі скачаных карцінак, знайшоў ці то робата–дзяўчыну, ці то дзяўчыну–робата. Вырашыў, што такі аватар будзе сімпатычны для Лёшкі – як–ніяк робат мае нейкае дачыненне да пра-граміравання.

Запасціў на форуме ў той самай тэме.

Ксенка: –Тайлер, будзь ласкаў, раскажы, што трэба ўмець, якія веды запатрабаваны ў сетцы? Я ў такой сітуацыі, што мне проста неабходна мець свае грошы ў кішэні. Вельмі прашу. 

Ну, вось, добрае зрабіў. Зазірне Лёшка – яму будзе прыемна, што запыталіся на поўным сур’ёзе ды і дапамагчы хоць словам другому прыемна… А там, глядзіш, прывыкне да размоў з дзяўчатамі. То можна будзе перайначыць хлопца!

3

Лёшкіна свядомасць змагалася з яго падсвядомасцю: ён не хацеў больш заходзіць у тое месца, дзе яго не прынялі, пакрыўдзілі, і адначасова цягнула – ну, што яны там адказалі на яго апошні выклік? Можна ж проста зазірнуць, крадком, нават не аўтарызавацца…

І зайшоў. Была амаль гадзіна ночы. Стаў чытаць пасты.

Пума: – Тайлер, гуляй, разумнік, сюды не клікалі.

Філосаф: – Ну, вось, чаго крыўдаваць, можна ж было б і падзяліцца сакрэтам заробкаў.

І раптам… Лёшка, здаецца, нават пачырванеў ад ахапіўшага невядомага пачуцця.

Ксенка: –Тайлер, будзь ласкаў, раскажы, што трэба ўмець, якія веды запатрабаваны ў сетцы? Я ў такой сітуацыі, што мне проста неабходна мець свае грошы ў кішэні. Вельмі прашу.

Ніжэй Пума: – Чакай, чакай, ён ужо змыўся… Бачылі мы тут такіх…

Лёшка з невядомай раней асалодай, што вось зараз ён можа здзівіць, можа паказаць сябе зусім нечаканым, можа рэальна дапамагчы, пачаў набіраць адказ у топік.

Доўга пісаў, потым сцёр напісанае. Не, так нельга. По–іншаму трэба… Потым яшчэ пісаў…

Тайлер: – Ксенка, калі ласка! Я напісаў табе праз асабістую пошту – там ёсць пытанні. Калі на нешта можаш адказаць “так”, то пішы, а лепш на мэйл. У профілі ёсць. Астатнім: не варта судзіць усіх толькі па сабе і сваіх знаёмых. 

Перагрузіў браузер, зірнуў яшчэ на профіль Ксенкі: бач ты, які цікавы аватар… Нешта механічнае… Дзяўчына, можа, валодае С++? Ну, таксама можна знайсці заданне. Пад нікам дзяўчыны высвечвалася зялёная лямпачка – значыць, яна ў гэты час на форуме. Што ж, пачакаем адказу.

…Юрыс аж уздрыгнуў, калі пабачыў у асобцы надпіс: “новых паведамленняў – 1”. 

“Ксенка, вітаю! Я не ведаю, што ты канкрэтна ўмееш рабіць. Давай так: я напішу табе, якім майстэрствам можна зарабляць у Інтэрнэце. А ты напішаш, што з гэтага можаш добра рабіць. Калі такое будзе – то зарабіць рэальна. Значыць, запатрабаваныя

Дызайн

Вёрстка

Праграміраванне

Аптымізацыя

Стварэнне сайтаў

Напісанне тэкстаў (капірайтынг)

Калі з усяго можаш пісаць тэксты (як з сачыненнямі?), то, хай і з цяжкасцямі, але зарабіць можна. Дапамагу, чым здолею.”

Юрыс разгублена лыпаў вачыма. Блін, не думаў, што справа да асобкі дойдзе. Хай бы патлумачыў у пасце, ды і ўсё… бач, сакрэты тут робіць. Ну, і што адказаць? Нічога не ўмею? Дык які тады сэнс было пасціць у топіку? Якое дачыненне мае слова “дызайн” да Інтэрнэта і як ён робіцца, нічога невядома. А вось тэксты – гэта прасцей. Адправім адказ:

“Тайлер, дзякуй! Я умею пісаць – сачыненні на выдатна, апавяданні пісала, вершы. Думаю, атрымаецца. А што трэба пісаць?”

“Ксенка, гэта выдатна! Калі ёсць час, давай я табе тое-сёе раскажу. Ёсць?”

“Ёсць”

“Тады заходзь на Серч – гэта такі рэсурс, вось яго адрас … Адшукай “Работа для вэб–майстроў”, раздзел “Капірайтынг”. Пачытай там тэмы, усё зразумееш. Але зарэгіструйся і напішы мне сюды свой нік”

Юрыс узмакрэў. Уляпаўся… Але і цікава было паглядзець, як гэта Лёшка будзе вучыць зарабляць, і што там за Серч..

Зайшоў па адрасе і ахнуў – больш за 1000 наведвальнікаў адразу. Ого! Колькі людзей хоча зарабіць… Зарэгістраваўся пад тым жа нікам, стаў чытаць тэмы… О, нехта піша па 7 у.е. за тысячу знакаў… стой, гэта ж менш за старонку тэкста! Во, а тут ужо і за 2 у.е. прапаноўваюць – канкурэнцыя… Лёшка вярнуўся на гарадскі форум – у асобцы зноў чакала пісьмо.

“Ксенка, я цябе пазнаў. Так, той жа нік? Вось, цяпер табе трэба пачаць тэму. Ну, аналагічную тым, як там пачынаюць. Назначай кошт каля 4–5 у.е. за капірайтынг і 2–3 у.е. за рэрайт. Рэрайт – гэта перапісванне чужога тэксту, але сваімі словамі. Першыя работы трэба будзе зрабіць за водгук. Бясплатна, значыць, але заказчык павінен чэсна напісаць аб выкананай рабоце, падрабязна. Але не перажывай, я там зарэгістраваны пад двума нікамі, і пастоў у мяне дастаткова, і рэпутацыя ёсць. Так што, гэта быццам я табе закажу работы – закажуць Тайлер і Leha–07. Будуць іншыя пісаць, але ты ім адмаўляй. Калі закажуць работы ўжо за грошы, то пашукай у Інтэрнэце падобныя тэмы, пачытай і пішы. Складанага няма нічога, галоўнае – дакладна ведаць тэму, каб не ляпнуць глупства, кшталту “вада падала імклівым дамкратам”.

Юрыс чытаў, перачытваў і не ведаў, што рабіць. А потым хэкнуў – цікава ж пачалося: зараз навучыцца грошы зарабляць!

І запасціў тэму на Серчы.

Нягледзячы на позні час, на форуме жыццё віравала: тут жа з’явіліся тры пасты: Тайлер, Leha–07 і яшчэ некі Шукач. Як і казаў Лёшка, Юрыс напісаў, што быццам бы згодны выканаць два першыя заданні за водгук. Трэцяму адмовіў.

І – выйшаў з Інтэрнэта, падуладны нейкаму шчымліваму адчуванню, што робіць непатрэбнае… не, патрэбнае, але нячэснае, нячыстае, што нельга так, што ён улез за гэтыя паўгадзіны ў самім жа распачатую непрыстойную гульню.

Камп’ютар выключыў, уклаўся спаць, і засынаючы, супакоіўшыся, думаў аб тым, што зрабіў усё ж правільна – цяпер Лёшка будзе думаць, што дапамагае незнаёмцы, яму ж будзе прыемна адчуць, што некаму ён робіць добрае. Тым больш – дзяўчыне…

Лёшку і на самой справе было добра. Лёгка на душы, светла…

Зазірнуў на свой форум, ведаў, што і тут іншы раз хто–ніхто пытаўся пра добры кантэнт для сайтаў. Палазіў па тэмах – так і ёсць, нядаўна вось пыталіся… Звярнуўся праз асобку да топікстартара, спытаў: ці актуальна яго заяўка? 

Той адказаў адразу – быў на форуме. Актуальна, бо яшчэ заказ з’явіўся, трэба тэкст пра турыстычныя туры на Мальдывы . Тэрмін – тры дні. Рэрайт, тэксту на 20 тысяч знакаў, па 2 у.е. за тысячу.

“Бяру. Калі што не задаволіць – пераробім. За два дні зробім.”

Тэкст яму прыйшоў на мэйл, і ён, толькі прагарнуўшы колькі старонак, тут жа адправіў яго на адрас Ксенкі.

“Ксенка, вітаю! Вось дык пашанцавала! Гэты тэкст трэба перапісаць, рэрайт, значыць. Пастарайся зрабіць гэта адмыслова. Тут 20 тысяч знакаў. Атрымаеш 40 у.е. Не падвядзі мяне – праз два дні работа павінна быць здадзена. Поспехаў. Тэкст – у файле”.

Лёшка клаўся спаць з такім пачуццём, быццам за адзін вечар зрабіў дваццаць праграм для тэсціравання, і ўсе яны запрацавалі адразу ж і правільна. Сон ніяк не ішоў, яшчэ нешта хацелася зрабіць…
4
У класе Юрыс адразу заўважыў – Лёшка не такі. Ён выглядаў як чалавек, які раптоўна рашыў задачу, у якой даўно адчаіўся нават зразумець заданне. 

І гэта заўважылі дзяўчынкі! На яго паглядвалі раз і другі, і трэці, і ўрэшце ў Юрыса (усё ж сядзяць разам за партай) спыталі:

– Лёшка наш не закахаўся?

– Ага, закахаўся – у новую формулу. Такая яна гнуткая, а знакі там – што вашыя 60х90х60!

Начных сумненняў не засталося – Юрыс быў упэўнены цяпер, што зрабіў правільна. Вунь як яго сябар ажыў!

Дзень прайшоў – звычайны, падобны на іншыя. Дома Юрыс праверыў пошту і няўцямна лыпаў вачыма. Ён чытаў пісьмо Лёшкі да неіснуючай Ксенкі, гартаў старонкі тэксту…

І што рабіць? Сказаць, што не магу, захварэла Ксенка, паехала ў вёску, памерла ў яе бабуля, яна перадумала, яна не перапіша такі тэкст, у яе зламаўся камп’ютар? Што рабіць? Патэлефанаваць Лёшку ды прызнацца, што гэта ніякая не Ксенка, што яго развялі, як лоха…

І атрымаецца – хацеў як лепш, а ў выніку што?

Спакойна, спакойна… трэба нешта рабіць. Калі Лёшка даведаецца, што грошы зароблены, справа можа закончыцца… Трэба зарабіць тыя грошы…

Блін, а чаго адмаўляцца ад грошай? Рэальна ж зарабіць!

Юрыс хуценька скачаў тэкст на флэшку, адначасова і раздрукаваў. План імгненна ўзнік у галаве, аформіўся дасканала.

– Танюшка? Прывітанне! Зайка, выруч! Аддзячу, каб мне не памерці! Тут тэксту тры старонкі, трэба яго перапісаць, ну, зрабіць кшталту пераказу, сваімі словамі. Ну, трэба мне вельмі… Ага, тэкс у мяне, зараз прынясу…

Юрыс патэлефанаваў яшчэ траім дзяўчатам. А потым пабег па адрасах, бо толькі ў дзвюх былі падключэнні да Інтэрнэту, і ім Юрыс кавалкі тэксту скінуў па пошце. 

Вечарам збіраў часткі ад дзяўчат. Усё нармальна атрымалася… Можна адаслаць ды на ўсё забыцца.

Не, стоп… столькі тэксту за адзін вечар не атрымаецца аднаму чалавеку зрабіць. Заўтра…

“Вітаю, Ксенка!

Ну, як табе заданне? Калі што не зразумела, стукні мне ў аську, я патлумачу. На Серч зазірні, можа там заказ ёсць у асобцы. Я ў сетцы яшчэ з гадзіны дзве буду. Як працуецца?”

Юрыс заёрзаў. Што рабіць? Трэба рэгіць новую аську. На гэтую Ксенку…

Лёшка ўздрыгнуў, хоць і чакаў гэтага знаёмага гуку аські, калі хто пастукае – “О–о!”. Ксенка… Усміхнуўся, адразу ж пачаў пісаць адказ, нават не закончыўшы радок скрыпта, над якім працаваў.

Тайлер: Вітаю! :) Ну, расказвай!

Ксенка: Выдатна. :)Тэкст не такі цяжкі. Заўтра закончу.

Тайлер: Вось бачыш – я ж казаў, што маючы галаву, можна грошы зарабляць. 

Ксенка: Я таксама так лічу.

Тайлер: Так, у цябе ж кашалёк есць?

Ксенка: Няма :(

Тайлер: Трэба заводзіць… А …грошы табе тэрмінова трэба?

Ксенка: Так.

Тайлер: Тады я прапаную такое: няхай пераводзяць на мой кашалёк, я змагу перавесці ВМЗ ў нашы грошы і абнаўлю. Потым перадам табе. Давяраеш? ;)

Ксенка: Вядома :)

Тайлер: Выдатна. Тэкст скінеш мне на мэйл. А на Серчы было што–небудзь?

Ксенка: Ага… Я яшчэ не адказвала. Там заданне для мяне не зразумелае: “Аптымізацыя тэкстам”. 3000 знакаў. Абяцаюць 4 у.е. за тысячу. І яшчэ “Пошукавая аптымізацыя”, таксама 3000 тысячы. Трэба пісаць…

Тайлер: О, гэта не вокны ПВХ. Тут пакуль у тэму ўедзеш…

Ксенка: :(

Тайлер: Не перажывай. Заўтра будзе дзень… А спытаць цябе можна?

Ксенка: Пра што?

Тайлер: Грошы навошта так спатрэбіліся?

Ксенка: Ну… Ты не смейся. Але гэта асабістыя… скажам так, дзявоча–жаночыя праблемы.

Тайлер: Не буду смяяцца. Калі праблемы, трэба рашаць. Ты лепш пра сябе раскажы: ты адкуль?

Ксенка: А я цябе ведаю ;)

Тайлер: Не зразумеў… Як ты мяне можаш ведаць? 

Ксенка: Потым раскажу. Але ведаю. І бачу цябе іншы раз…

Тайлер: Ну, ты мяне азадачыла… Не можа быць! 

Ксенка: Можа :). Потым, праўда скажу. Усё, выбачай, мне ж пісаць трэба.

Тайлер: Чакай, па заказу “аптымізацыя” прымай заданні. Я дапамагу.

Ксенка: Добра. Да сустрэчы.

Тайлер: Да сустрэчы. Заўтра, у гэты ж час? Мне прыемна было размаўляць з табой.

Ксенка: І мне…

Юрыс выключыў аську і некалькі хвілін сядзеў, як чумны. Ну, яго панесла! З якога ляку ён ляпнуў пра “ведаю”? Што цяпер прыдумаць? Ат, потым прыдумае, як вывернуцца. Затое цяпер Лёшка будзе хадзіць на заняткі, ведаючы, што за ім нехта можа і цікуе.

Чорт… яшчэ ж грошы… Як іх забраць будзе ў Лёшкі? Так, ужо дзве праблемы... Нічога, чым больш праблем, тым прасцей яны рашаюцца адным удалым спосабам! Галін на дрэве многа, а перасячы ствол – і яны пападаюць.

А Лёшка і на самой справе, укладваючыся спаць, зазірнуў у шафу: якую кашулю заўтра апрануць. І трэба пагаліцца – непрыемны пух пад носам толькі псуе твар…

Юрыс скоса пазіраў на Лёшку і дзівіўся: няўжо гэта яго прыдуманая Ксенка так змагла перайначыць Лёшку? Ну, далібог, нейкі ён аж свеціцца знутры. Вочы… шчаслівыя. Дзяўчаты на яго зіркаюць, перашэптваюцца, а Лёшка да гэтага не тое што раўнадушны – ён быццам задаволены, што на яго ўвагу звяртаюць! Такое адчуванне, што падыдзі, спытай – з яго проста вырвецца вонкі радасць. Загадка для ўсяго класа! Гэ, весела б было, каб назваў Юрыс разгадку. Ды можа і назаве яшчэ, разам з Лёшкам пасмяюцца.

А Лёшку і на самой справе пачувалася добра. Лёгкім, прыемным і простым здавалася ўсё вакол. Як, аказваецца важна, мець нейкі клопат аб некім…

Паспяшаўся адразу за камп’ютар – так, ад Ксенкі прыйшоў тэкст. Перачытаў – няблага. Адправіў заказчыку. Праз паўгадзіны прыйшоў адказ: тэкст прыняты, грошы перасланы. Уключыў Кіпер, пачуўся звон манет –прыйшлі 40 у.е. Тут жа перавёў іх праз абменнік, яшчэ колькі хвілін – усё, грошы можна здымаць з карткі!

Але пачакаем, трэба закончыць другі тэкст па аптымізацыі – адзін тэкст Лёшка яшчэ ў школе накідаў…

Папрацаваў дзве гадзіны. Паклікала маці вячэраць. Адмовіўся, адно папрасіў чаю.

Закончыў тэксты, адправіў Ксенцы ліст.

“Ксенка, прывітанне. Адправіў тэксты табе. Скінь іх заказчыку, скажы нумар майго кашалька – унізе пісьма будзе. Выходзь у аську, чакаю, як дамовіліся :)”

Засеў за сваю работу – трэба было набіваць базу данымі. Нудная работа, чыста механічная, але сёння рабілася з лёгкасцю. Паглядваў на лічбы гадзінніка. Хацелася як мага больш зрабіць, пакуль надыдзе час сустрэчы…

“О–о!” Ксенка!

Тайлер: Прывітанне! Як справы?

Ксенка: :) Вітаю, Лёшка!

Тайлер: Ого! Цяпер я веру, што ты мяне ведаеш… Так, пакуль не раскажаш, я табе ні капейкі грошай не дам :)

Ксенка: Э, так не дамаўляліся! І чаму я не магу мець сваю маленькую тайну? Ты ж маеш выдатнае лагічнае мышленне – падумай :)

Тайлер: Добра, не буду дапытвацца. Прыйдзе час, сама раскажаш. Як справы?

Ксенка: Проста выдатна. Заказчык ухваліў тэксты і сказаў, што на тыдні будзе яшчэ заказ. Казаў, што перавёў грошы.

Тайлер: Зараз зірнем… Ага, перавёў, Ксенка! Так, на тваім рахунку ужо 64 у.е.!

Ксенка: :) А воечкі, ніяк не чакала. Ты мяне літаральна ратуеш, дзякуй табе. Так проста атрымалася! 

Тайлер: Навічкам заўсёды шанцуе :) Але так рэдка бывае. Іншы раз і за месяц на Серчы нельга столькі зарабіць. Жадаючых многа. Ну, як мне табе перадаць грошы?

Ксенка: Калі я цябе папрашу пакласці грошы ў канверт і аднесці на пошту – не станеш крыўдаваць?

Тайлер: :(Аднясу. Але чаму так?

Ксенка: Не крыўдуй. Потым… Потым усё патлумачу. Вось, а на канверце зробіш надпіс – уладальніку пашпарта. Нумар я ніжэй напішу. Толькі ты не цікуй там, добра :)?

Тайлер: Не буду :). Але грошы адношу усё адно з адной умовай: як толькі на свой мэйл атрымаю твой здымак. Усё, я купляю твой здымак за 64 у.е. Неблагі кошт?

Ксенка: Так нячэсна! Ты такі шчыры быў, а цяпер умовы ставіш. 

Тайлер: Э–е, я табе сам два тэксты напісаў, заданне знайшоў… Я лічу, што гэтым зарабіў хоць на якую спагаду. Хіба не? :(

Ксенка: Зарабіў:)

Тайлер: Тады я чакаю. А ты… дзе вучышся? 

Ксенка: У школе.

Тайлер: Не разам са мной?

Ксенка: Не скажу. Слухай, а чаму ты не бываеш на форуме гарадскім? І ўвогуле цябе так мала дзе відаць…

Тайлер: Я не люблю надта кампаній. 

Ксенка: І з дзяўчынкамі не гуляеш?:)

Тайлер: Не :(

Ксенка: Чаму? :(

Тайлер: Даўняя гісторыя. Неяк так атрымалася, што нацярпеўся сораму. Вось і …

Ксенка: Што, комплекс? :)

Тайлер: Ды лічы, што так. :) Я асабліва да нікога не лезу, мяне не чапаюць… Потым, мяне праграміраванне толькі цікавіць. У гульні не гуляю, музыка не ў кайф, абы фон быў, фільмы мяне не цікавяць. Вось аб чым са мной размаўляць? :)

Ксенка: Разумею… Я сама амаль такая :). Таксама не люблю кампаній. Ты выбачай, буду адключацца. Напалю на тэлефон, бацька зазлуе…

Тайлер: Ён у цябе строгі?

Ксенка: Не тое, што строгі. Іншы раз і за папругу хопіцца.

Тайлер: Як – хопіцца :(? Табе колькі гадоў?

Ксенка: А так хопіцца, як п’яны – і па азадку, на нагах. Таму я ў джынсах заўсёды. А са школы ў джынсах гоняць. І мне тэрмінова трэба штаны. Вось такая проза :(

Тайлер: А табе хопіць?

Ксенка: Хопіць. Дзякуй табе! Да заўтра:)

Тайлер: І табе дзякуй. Да заўтра… Я заўтра аднясу канверт на пошту. Запакую, каб не здагадаліся пра грошы…

Юрыса апанавалі пачуцці. З аднаго боку – на ягу галаву звалілася з неба гэтулькі грошай! З другога боку – якія яны яго? Ён жа абдурыў усіх: Лёшку, дзяўчат… ну, добра, кіне ён дзяўчатам па 10 рублёў на мабільнікі. А з Лёшкам як? 48 тысяч – грошы ж усё–такі яго. Трэба вяртаць. От, навошта згаджаўся браць тыя яшчэ, трэба ж было адмовіцца! А з другога боку, Лёшка тыя тэксты за колькі хвілін напісаў левай рукой, для яго гэта не работа, гульня… 

Ды няхай паляжаць тыя грошы, што з імі зробіцца. Нешта прыдумаецца. Тут вось здымак шукаць трэба… Са школы якую дзяўчыну сфатаграфаваць? Трэба папытаць фотаапарат у Юркі – у яго лічбавы. Ат, а як сустрэне Лёшка тую дзяўчыну? Будзе камедзі–клаб… Во, трэба пашурудзіць у альбомах сястры. У яе сябровак процьма, фотаздымкаў пяць альбомаў. Выбраць якую… сексапільнай, у купальнічку! Гэх, будзе Лёшка сліну пускаць!

Юрыс не ўтрымаўся, і хоць быў позні час, прайшоў у залу, дастаў, не уключаючы святло, кіпу фотаальбомаў, аднёс да сябе і стаў перабіраць здымкі.

Знайшоў. Прыгожы, аж сам заглядзеўся. Дзяўчына ў купальніку, скура гладкая, ружовая, стаіць калі ствала нейкага дрэва – шурпатага, чорнага. Гэтак падкрэслівае старая грубасць дрэва яе зграбненькі стан … Узіраўся ў твар доўга – не, гэта дакладна сяброўка далёкая, у гасцях яе Юрыс не бачыў.

Фота ён адсканіраваў. Вырашыў адправіць адразу ж – каб Лёшка нічога не западозрыў. І клаўся спаць, міжволі пасміхаўся сам з сябе: як ён выдатна ўжыўся ў ролю дзяўчыны. На хаду імправізаваў, а Лёшка павёўся, так лёгка павёўся…
5
Лёшка прыйшоў, павітаўся з Юрысам і прысеўшы за стол, па-змоўніцку працягнуў яму свой мабільнік.

– Глядзі…

А сам проста ззяў. 

На застаўцы мабільніка Юрыс пабачыў твар той самай дзяўчыны, фотакартку якой ён позна ўвечары скінуў Лёшку. Доўга ж працаваў Лёшка ў Фоташопе: фон змяніў, колеры падкарэкціраваў… мілы такі тварык ат-рымаўся…

– Гэта хто? – нечакана для сябе хрыпла выдавіў Юрыс, ледзь утры-маўшыся, каб не сказаць: “Ды ведаю я яе, Лёшка! Гэта ж я табе мазгі палашчу! Развёў я цябе!”

Але не сказаў – глянуў на Лёшку, на шчаслівы, з загадкавай усмешкай твар яго, на свет у вачах – і не сказаў. Адно падумаў: “Трэба заканчваць. Сёння ж”.

Вось толькі як заканчваць, Юрыс не ведаў…

Ён думаў над гэтым да канца заняткаў. А Лёшка… Лёшкаў мабільнік ляжаў на стале ўсе ўрокі, і ён раз–пораз ціскаў кнопку, каб зноў і зноў успыхваў на дысплеі асвечаны блакітам тварык дзяўчыны.

– У Інэце пазнаёміліся. З нашага горада. Уяўляеш, яна мяне ведае, а я яе – не! Так, дапамог ёй крыху, цікава з ёй у асьцы. Праўда, прыгожая?

– Ага, – ціха адказаў Юрыс. – Прыгожая… 

Так нічога ён і не прыдумаў. Дадому прыйшоў, еў не спяшаючыся, паляжаў на канапе. Зразумеў раптам, што не хоча уключаць камп’ютар. Але ўсё ж уключыў, рашуча, вось зараз жа гатовы нешта сур’ёзнае напісаць. Потым прыдумае, што напісаць. Адно вось пачытае ліст ад Лёшкі, які ён адправіў (ну, вядома ж, ужо адправіў!) Ксенцы, і напіша, адразу ўсю праўду.

Але… пісьма не было. Юрыс разгублена яшчэ раз праверыў пошту – акрамя двух лістоў спаму – нічога. Зайшоў на форум – не, Лёшка не заходзіў. Нейкі час Юрыс сядзеў перад маніторам без усякіх думак. Ён нічога не мог зразумець…

Маці зазірнула.

– Што сябра не сустракаеш? Заходзь, заходзь, – павярнулася яна і прапусціла ў пакой …Лёшку.

Той быў запыханы, расчырванелы. І вочы – разгубленыя.

– Ты чаго, – спуджана прагаварыў Юрыс. Ён на самой справе напужаўся невядома чаго.

– Ды, халера, комп заглючыў! Ну, уяўляеш, гэтае жалеза падводзіць у самы патрэбны момант! Дай я з твайго ліст адпраўлю Ксенцы…

– Ксенцы? – Юрыс акругліў вочы.

– Яе Ксенка завуць, – як аб нечым надзвычайна важным сказаў Лёшка, дастаючы мабільнік. 

Юрыс узмакрэў.

–Ага, зараз… ты…ты прынясі мне вады… І скажы маці, хай там паставіць чайнік, кавы пап’ем.

Лёшка паслухмяна крутнуўся з пакоя, а Юрыс ліхаманкава адкрыў паштавік і выдаліў усе лісты адным махам – абы толькі Лёшка не пабачыў сярод іншых свае – якія пісаў да Ксенкі.

Лёшка вярнуўся, Юрыс якраз падключыўся да Інтэрнэту. 

– А я не буду праз паштавік, – сказаў Лёшка. –Зараз прама на сайт выйду, там праз пошту…

Ён адправіў пісьмо хутка, і Юрыс цяпер праклінаў сябе, што уключыў паштавік – вось зараз возьме і прыйдзе імгненна гэтае пісьмо прама пад вочы Лёшку.

– Усё, я выключаю, цяпер тарыф самы дарагі, – заспяшаўся Юрыс. – Пайшлі каву піць…

Але ад кавы Лёшка адмовіўся, пайшоў, не – паскакаў праз дзве прыступкі ўніз, не стаў чакаць ліфт…

Юрыс не мог патлумачыць сам сабе, чаму ён вось цяпер, вось тут не сказаў праўду. Можа таму, што Лёшка быў такі шчаслівы? Сказаць – што абакрасці яго. Забраць, ды не проста забраць, а высмеяць яго шчасце…

Пісьмо прыйшло.

“Ксенка, вітаю! Дзякуй табе вялікі за здымак. Ты не ўяўляеш, як мне прыемна было яго атрымаць. Спяшаюся сказаць: грошы ты можаш сёння забраць – я іх пакінуў адразу пасля абеду на пошце, запакаваў у такі тоўсты канверт. Думаю, не здагадаюцца там, што ўнутры грошы. Але на ўсякі выпадак, паспяшайся забраць.

Адпраўляю ліст з чужога компа – у мяне сістэма глюкнула, дай Божа, каб не давялося вінт фармаціраваць, там столькі ўсяго… таму вельмі цябе прашу – як толькі атрымаеш грошы, патэлефануй мне. Бо спаць не буду, пакуль не даведаюся, што грошы ў цябе. Не ведаю, калі запушчу свой комп. То патэлефануй абавязкова. Буду чакаць :)”

Ніжэй быў нумар тэлефона.

Юрыс доўга глядзеў на даўно знаёмыя яму лічбы. 

Нічога, трэба напачатку пайсці і атрымаць той пакет ад Лёшкі, у якім грошы. Потым… потым ён прыдумае. Ён усё прыдумае так, каб нікога не пакрыўдзіць. Ён заўсёды быў здольны на выдумкі.

Дрыжалі рукі, калі па пашпарту ён атрымаў пакет “да запатрабавання”. Пералічыў грошы. Такая вялікая сумма… тут жа, на пошце, паклаў траім дзяўчатам, што перапісвалі тэксты, па 15 тысяч на іх мабільныя рахункі. У нейкі міг пранеслася думка – усе астатнія пакласці на лёшкаў рахунак. Але б то было ўдарам для Лёшкі…

І нічога не прыдумалася. Купіць картку і папрасіць якую дзяўчыну патэлефанаваць Лёшку і сказаць адно – грошы атрымала? Не, гэта не выйсце. Бо што далей? Ат, заўтра проста трэба ўсё расказаць. І так добра – вунь як паверыў у сябе Лёшка! Пасмяюцца разам. А на грошы можна няблага ў бары патусіцца…

Лёшкі не было на першым уроку. Юрыс не ведаў, што і думаць. Ён ужо падрыхтаваўся да размовы, абдумаў свае словы, каб не былі яны надта крыўднымі, а Лёшка няма. Юрыс не паспеў патэлефанаваць на перапынку – Лёшка прыйшоў сам. Разгублены, плечы паніклыя.

– Здарылася што? – спытаў ціха Юрыс.

– Потым… потым… – ціха адказаў Лёшка, і да канца заняткаў ён не узняўся з–за стала – як сеў, так і прасядзеў: і ўрокі і перапынкі. На яго аглядваліся, немагчыма было не заўважыць адбітак сапраўднага гора на яго твары. І нават у класе на перапынках было неяк цішэй...

Лёшка не выпускаў з рукі мабільнік. Трымаў, пазіраў на яго, быццам можна было позіркам сваім прымусіць той мабільнік зазваніць.

Юрыс маўчаў – ён не мог, бачачы цяпер стан Лёшкі, нешта сказаць.

Лёшка загаварыў сам, калі выйшлі са школы.

– Яна абяцала мне патэлефанаваць. І не патэлефанавала…

– Ну, чаго ты ўжо так маркоцішся? – са штучнай бадзёрасцю адказаў Юрыс. – Жанчыны, яны… непрадказальныя. Ды і ці мала што там магло здарыцца…

– Я баюся, што і на самой справе здарылася, – раптам адчайна загаварыў Лёшка. – Разумееш, я ад цябе паслаў ёй ліст, што яна можа атрымаць грошы на пошце, якія… ну, карацей яна іх зарабіла, а я атрымаў і перадаў, вось яна павінна была ўчора атрымаць іх і патэлефанаваць! Але не патэлефанавала!

– То што тут страшнага, – нясмела адказаў Юрыс.

– Як што! – ускрыкнуў Лёшка. – То ж грошы! Маглі сволачы якія прасачыць, як яна атрымала канверт, а яна мо і адкрыла яго там…

– Не было яе там.

Юрыс і сам не чакаў, што вымавіць гэтыя словы. Як стрэліла нешта.

– Як… не было? Чакай, адкуль ты ведаеш? – Лёшка уважліва глядзеў на Юрыса, лоб яго наморшчыўся, адчувалася, якая напружаная праца ішла ў яго галаве ў гэты момант. – Дык вось адкуль яна ведае маё імя… – сумна ўсміхнуўся ён. – Ты ведаеш Ксенку, ты ёй і напісаў, што мяне завуць Лёшка, дзе я вучуся… Што, ты сам грошы атрымаў і ёй перадаў? Але…чаму яна не патэлефанавала? Ці хоць бы ліст прыслала, я б заскочыў у сэрвісны цэнтр, атрымаў… Навошта яна так? Я ж шчыра ёй дапамагаў…

– Я грошы атрымаў, – вінавата, але цвёрда адказаў Юрыс. – Няма ніякай Ксенкі. Ксенка – гэта я.

– Што ты гоніш?.. Я не разумею толькі: і фотакартку яна прыслала…

– Кажу табе – няма ніякай Ксенкі! Я яе прыдумаў. Каб ты навучыўся з дзяўчатамі базары весці, – яшчэ раз паўтарыў Лёшка ужо з большай упэўненасцю.

Лёшка спыніўся, глядзеў на Юрыса з нейкай незразумелай шкадобай у вачах.

– Ты ў мяне адзін сябар, Юрыс. Але не трэба, я не павядуся. Мне проста крыўдна, што яна так са мной…

– Ды няма, няма ніякай Ксенкі! Няма! – закрычаў Юрыс. –Можаш ты гэта зразумець сваімі запраграміраванымі мазгамі!?

– Я найду яе… Я найду, і спытаю… А табе я не веру. Больш не веру, – ціха і цвёрда адказаў Лёшка, рэзка развярнуўся і пайшоў прэч.

Юрыс спыніўся ў адчаі на месцы, глядзеў на спіну Лёшкі, якая праз хвіліну згубілася ў прорве падземнага пераходу.

Першы раз за сваё жыццё Юрыс не ведаў, што рабіць, куды ісці. Дадому ён прыйшоў чыста механічна. Упаў на канапу і так ляжаў. Доўга, аж пакуль не заверашчаў мабільнік. Нехта незнаёмы…

– Юрачка, гэта ты? Гэта мама Аляксея. Ты прабач, я хвалююся, вы не разам з Лёшай? Нешта яго дома да гэтай пары няма і мабільнік не адказвае…

– Не, цёць Таня, у мяне Лёшкі няма… мы… гэта, у школе разышліся. Ён… там застаўся, з праграмай нешта круціць. А мабільнік… казаў, што батарэя села…

– Добра, Юрачка, выбачай…

Юрыс падхапіўся з канапы, набраў Лёшку. У адказ пачулася механічнае: “Апарат абанента выключаны альбо знаходзіцца не ў зоне дзеяння сеткі”. Юрыс кінуўся ў пярэднюю, насунуў красоўкі на ногі, схапіў куртку, кінуў на ўстрывожаны позірк маці “Я хутка” і вылецеў з кватэры. Ён імчаў уніз з той хуткасцю, быццам дакладна ведаў, куды бегчы і што рабіць. І толькі калі выскачыў з пад’езда ў пацямнелы двор, раптоўна спыніўся ў адчаі: разгублены, бездапаможны: куды, у які бок?!

Дзе цябе шукаць, Лёшка?

Катэгорыі: Пятроўская Т. М. | Дадаў: Татьяна
Праглядаў: 768 | Загрузок: 15 | Рэйтынг: 0.0/0
Усяго каметарыяў: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]
Тэматычны кантроль
Апытванне
Оцените мой сайт
Всего ответов: 171
Зараз на сайце

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Як заходзіць да нас
Пошук